ЭЛЕКТРО́ННЫ ПРАЕ́КТАР,

бязлінзавы электронны мікраскоп для атрымання павялічанага відарыса паверхні цвёрдага цела. Прынцып дзеяння грунтуецца на аўтаэлектроннай эмісіі. Вынайдзены ням. фізікам Э.​Мюлерам (1936).

Асн. часткі Э.п.: даследаваны ўзор у выглядзе тонкага вастрыя (радыус крывізны не больш за 0,1 мкм), які служыць катодам; шкляная сферычная ці конусападобная колба, дно якой пакрыта люмінафорам; анод у выглядзе праводнага слоя на сценках колбы ці тонкага кальца вакол катода. Вылучаныя электроны паскараюцца ў радыяльных (адносна вастрыя) напрамках, бамбардзіруюць экран, выклікаюць свячэнне люмінафора і тым самым ствараюць павялічаны (да 10​6 разоў) відарыс паверхні ўзору, які адлюстроўвае яго крышталічную структуру. Выкарыстоўваецца для вывучэння аўтаэлектроннай эмісіі металаў і паўправаднікоў, вызначэння работы выхаду электронаў з розных граней монакрышталёў і інш.

т. 18, кн. 1, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)